Галоўчанка заявіў, што ўкараненьне сыстэмы аналізу цэн на тавары — гэта не нейкая дадатковая сыстэма кантролю, а сыстэма падтрымкі прыняцьця рашэньняў. Рэалізацыя пілётнага праекта па выбудоўваньні сыстэмы аўтаматызаванага аналізу цэн на тавары замежнай вытворчасьці, якія пастаўляюцца на ўнутраны рынак, стала тэмай рабочай сустрэчы ў Дзяржаўным мытным камітэце з удзелам прэмʼер-міністра.

Кіраўнік урада падкрэсьліў, што настаў час адыходзіць ад ручнога рэгуляваньня цэн на карысьць аўтаматызаваных працэсаў. І стварэньне такой сыстэмы, паводле яго, зойме ад 3 да 6 месяцаў.

З кастрычніка мінулага году ў Беларусі працуе рэгуляваньне цэнаў: крамы могуць іх падвышаць толькі з дазволу чыноўнікаў. За неабгрунтаванае павышэньне цэнаў летась адміністрацыйныя спагнаньні зазналі сотні чалавек. Аднак цэны працягвалі расьці.