У Беларусі хочуць увесьці зьмены па вытворчасьці і абароце алькагольнай прадукцыі. Адна з магчымых навінаў — дзяржава зьбіраецца пашырыць для прыватнікаў магчымасьці ўвозу і продажу замежных сьпіртовых напояў, піша «Зеркало».
Адпаведны законапраект зьявіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Законапраектам прадугледжана, што выключнае права дзяржавы ня будзе распаўсюджвацца на імпарт алькаголю для крамаў бязмытнага бяспошліннага гандлю, якія працуюць для замежных дыпляматаў.
Таксама прыватнікі змогуць займацца пастаўкамі алькаголю на афіцыйныя мерапрыемствы ў пасольствах і консульствах, прадстаўніцтвах міжнародных арганізацый.
Цяпер крамы бязмытнага гандлю, якія працуюць для замежных дыпляматаў, знаходзяцца пад кантролем кампаніі ўпраўленьня справамі Лукашэнкі «Дыпсэрвіс». Гэтым таксама займаюцца кампаніі «Беламаркет Хелена Валеры» і «Белмаркет Duty Free», у якіх ёсьць прыватны капітал і доля «Дыпсэрвісу». Апошнія гады таксама актыўна разьвівалася кампанія «МаркетЛіга», якую заснавалі «Белмытсэрвіс» і «Прэзыдэнцкі спартовы клюб».
Таксама прыватнікам хочуць дазволіць імпартаваць алькаголь для міжнародных выставаў і кірмашоў.
Улады таксама хочуць зьмяніць правілы, паводле якіх алькаголь можна прадаваць у культурна-этнаграфічных цэнтрах, нацыянальных парках і запаведніках. Законапраект прадугледжвае дазволіць продаж у такіх месцах алькаголю, які вырабляюць з натуральнай збожжавай і расьліннай сыравіны па нетрадыцыйнай тэхналёгіі праз перагон праз адмысловыя апараты. У прастамоўі такія напоі называюць самагонам.
З 1994 году, за 27 гадоў, у Беларусі вытворчасьць гарэлкі вырасла на 23%. Вытворчасьць вінаграднага віна за гэты час вырасла ў 4,6 раза. Вытворчасьць піва за 27 гадоў вырасла ў 3 разы.
19 літраў на кожнага жыхара Беларусі. Столькі гарэлкі вырабілі ў Беларусі ў 2021 годзе. З прыходам да ўлады Лукашэнкі вытворчасьць алькаголю ўвесь час расьце. Паступова амаль увесь алькаголь пачала вырабляць дзяржава. Глядзім, як улада будавала сваю алькагольную імпэрыю і колькі грошай гэта прыносіць. Дасьледаваньне Свабоды, як беларуская ўлада будавала алькагольную імпэрыю.