У верасьні інфляцыя можа зьдзівіць беларусаў нізкім памерам. Аднак яе рэзкі рост беларусы ўбачаць ужо ў кастрычніку гэтага году. Пра гэта падчас брыфінгу расказаў навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык, піша «Зеркало».
Эканаміст Анатоль Харытончык лічыць, што ў кастрычніку інфляцыя «рэзка паскорыцца». Ён тлумачыць гэта тым, што летась якраз у той жа месяц было зьніжэньне ўзроўню спажывецкіх цэнаў на 1 працэнт з-за ўвядзеньня жорсткага рэгуляваньня.
У кастрычніку летась спачатку Аляксандр Лукашэнка сваім указам забараніў зьмяняць кошты, а бліжэй да канца месяца ўрад прыдумаў новы мэтад іх рэгуляваньня, які з асобнымі зьменамі дзейнічае да гэтага часу.
«Таму нават калі кошты ў кастрычніку ня зьменяцца, гэта дадасьць нам да агульнай гадавой інфляцыі адзін працэнтны пункт, — цытуе эканаміста „Зкркало“. — Хутчэй за ўсё, мы ў верасьні, верагодна, убачым мінімум гадавой інфляцыі, магчыма, некалькі ніжэй за 2%, а ў кастрычніку адбудзецца досыць моцны рост».
На ягоную думку, да канца года інфляцыя складзецца ў дыяпазоне 5-7 працэнтаў. Варта адзначыць, што прыкладна такі ўзровень інфляцыі прагназавалі ўлады паводле вынікаў 2023 года.
У жніўні ў Беларусі была зафіксаваная дэфляцыя на ўзроўні 0,3%. «Гэтаму спрыяла патаньненьне кошту садавінагароднінай прадукцыі, а таксама асобных імпартаваных тавараў, — адзначалі раней у Мінэканомікі. — І ёсьць усе падставы меркаваць, што па выніках года ўзровень інфляцыі апынецца ніжэйшым за прагнознае значэньне».
Раней у Мінэканомікі папярэдзілі беларусаў, каб рыхтаваліся да росту коштаў. У ведамстве лічылі, што гадавая інфляцыя будзе на ўзроўні 7 працэнтаў, як і прагназавалася.