«Сёньня, на III Беларускім бізнэс-форуме ў Варшаве мы адзначаем гэтую знакавую падзею і шчыра верым, што нашая супраца прынясе плённыя вынікі на карысьць беларускай бізнес-супольнасьці за мяжой», — паведаміла прэс-служба Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой.

На форум у Варшаву прыехалі 2 прадстаўнікі Дэпартамэнту Гандлю ЗША (адпаведнік Міністэрству эканомікі ў эўрапейскіх краінах), а таксама прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША.

Бакі дамовіліся пра некалькі напрамкаў сумеснай дзейнасьці, сярод іх:

  • падтрымка разьвіцьця АВВА як эфэктыўнай, празрыстай, устойлівай бізнэс-асацыяцыі,
  • дапамога АВВА ў стратэгічнай супрацы з такімі арганізацыямі як American Chamber of Commerce, U.S. Chamber of Commerce,
  • дапамога з кансультацыямі па пошуку фінансаваньня,
  • разьвіцьцё праектаў эканамічных рэформаў, «што зьяўляецца працай на будучыню Новай Беларусі», адзначаюць у асацыяцыі.

Паводле Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой, адным з бліжэйшых крокаў супрацоўніцтва стане правядзеньне першага беларускага бізнэс-форуму ў Вашынгтоне.

Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) была заснаваная ў 2021 годзе для беларускіх бізнэсоўцаў, якія пакінулі Беларусь па палітычных альбо эканамічных прычынах. Сваёй мэтай Асацыяцыя называе «стварэньне пазытыўнага іміджу і прасоўваньне інтарэсаў законнага, легальнага і этычнага бізнэсу, які вядзецца беларускімі прадпрымальнікамі дзеля дабрабыту беларусаў і эканамічнага разьвіцьця Новай Беларусі як незалежнай дэмакратычнай краіны».