Ведамства вывучыла дзейнасьць каля 100 арганізацыяў, якія займаюцца імпартам «падазронай драўніны» з Казахстану, Кіргізстану і Турэччыны.

Адзначаецца, што ў праваахоўныя органы перададзеная інфармацыя аб дзевяці кампаніях, але гэтая колькасьць можа вырасьці. У VVTAT заявілі, што некаторыя кампаніі, якія займаюцца ўвозам падазронай драўніны, не выходзяць на кантакт з ведамствам і не адказваюць на запыты, «адпраўленыя лісты вяртаюцца, так і не дайшоўшы да адрасатаў», што абцяжарвае расьсьледаваньне.

Дзяржаўнае ведамства па абароне правоў спажыўцоў Літвы зьвернецца ў пракуратуру з хадайніцтвам аб пачатку дасудовага расьсьледаваньня па фактах парушэньня міжнародных санкцыяў. Гэтае правапарушэньне караецца штрафам, арыштам або пазбаўленьнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

8 сакавіка 2022 года Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананьне стандартаў у кіраваньні лясамі і лесапрадукцыяй), прыняла рашэньне прыпыніць сэртыфікацыю на экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і Расеі з-за агрэсіі супраць Украіны. Уведзеныя 2 сакавіка супраць афіцыйнага Менску новыя санкцыі ЭЗ таксама прадугледжваюць забарону экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі.

У лістападзе таго ж году літоўская мытня заявіла, што зафіксавала павелічэньне аб’ёмаў увозу драўніны, экспарт якой абмежаваны санкцыямі ЭЗ. Пры ўвозе ў Літву такой прадукцыі падаваліся дэклярацыі аб тым, што драўніна набытая ў Казахстане або Кіргізстане, аднак, паводле афіцыйнай інфармацыі, атрыманай з гэтых краінаў, вываз драўніны зь іх забаронены.